У Мінску новы суд па справе аб гандлёвым знаку “Белсат” (Абноўлена ў 18:00)
Судовая калегія па інтэлектуальнай уласнасці паўторна разглядае зыск Андрэя Белякова да “Польскага тэлебачання”. Як мяркуюць журналісты, рашэнне па гэтай справе - не на карысць “Белсата” - афіцыйны Мінск ужо прыняў.
Першапачаткова зыск супраць Telewizja Polska S.A., каму належыць гандлёвая марка “Белсат” быў пададзены ўладальнікам беларускай фірмы “БЕЛСАТплюс” Андрэем Беляковым яшчэ ў маі мінулага года.
Па словах жа Белякова, яго кампанія, якая займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, нібыта церпіць страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканала. 27 студзеня 2014 года калегія Вярхоўнага суда зыск Белякова адхіліла ў сувязі з тым, што заяўнік не прадставіў доказаў парушэння яго выключных правоў на гандлёвы знак.
Разам з тым, праз пяць месяцаў пасля гэтага Прэзідыум Вярхоўнага суда Беларусі прыняў рашэнне накіраваць зыск Андрэя Белякова супраць тэлеканалу “Белсат” на новы разгляд у сувязі з нібыта недасканалым вывучэннем доказаў па справе.
Як мяркуюць самі журналісты “Белсату”, накіраванне справы на новы разгляд ажно праз пяць месяцаў пасля папярэдняга рашэння Калегіі па інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда, сведчыць пра палітычны падтэкст справы. На думку белсатаўцаў, не выключана, што такім чынам беларускія ўлады хочуць яшчэ болей абмежаваць правы незалежных журналістаў.
13:00
У першай частцы дня ў аўторак Калегія па інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда ізноў заслухала іскавыя патрабаванні Андрэя Белякова, а таксама пазіцыю прадстаўнікоў “Польскага тэлебачання”.
Андрэй Белякоў заявіў, што працягвае патрабаваць забароны трансляцыі тэлеканалу “Белсат” ў сувязі з нібыта парушэннем аўтарскіх правоў.
Пазіцыя “Польскага тэлебачання”, якому належыць гандлёвая марка “Белсат”, таксама засталася ранейшай: “Белсат” быў зарэгістраваны ў Польшчы з выкананнем усіх патрабаванняў еўрапейскага заканадаўства і ніякага дачынення да фірмы Андрэя Белякова не мае. У выніку сябры судовай калегіі папрасілі Белякова пасля перапынку на абед канкрэтызаваць свае іскавыя патрабаванні.
18:00
У другой палове дня судовая калегія даследавала пісьмовыя матэрыялы справы, а таксама перайшла да судовых спрэчак. У спрэчках абодва бакі пацвердзілі свае ранейшыя пазіцыі.
Андрэй Белякоў сцвярджае, што “Польскае тэлебачанне” парушыла ягоныя правы на гандлёвы знак “Белсат”, прадстаўнікі ж каналу даводзяць, што ніякай гаспадарчай дзейнасці ў Беларусі канал не вядзе. А ў Польшчы гандлёвы знак зарэгістраваны ў адпаведнасці з усімі прававымі нормамі.
Дзяржаўны пракурор, што ў гэты раз удзельнічае ў слуханнях, папрасіла час на падрыхтоўку свайго выступу ў спрэчках да серады. Не выключана, што па меркаванні пракурора, якое будзе агучана 3 верасня а 9 гадзіне, можна будзе судзіць пра вынік усяго працэсу.