Слова “фрылансер” выклікае недавер: “Такога не бывае, пакажы пасведчанне!”
У якіх умовах працуюць фрылансеры Азербайджана? Ці можна ў гэтай краіне зарабіць фрылансам на жыццё? Ці ёсць у Азербайджане незалежная прэса, і ці на самой справе яна незалежная? Хто дапаможа незалежнаму журналісту ў выпадку затрымання праваахоўнікамі?
Дзіўная рэч: усе ведаюць, што ў Беларусі ёсць і журналісты, і фатографы-фрылансеры. Але, калі паглядзець наш закон “Аб СМІ”, атрымліваецца, што ў нашай прафесіі такіх людзей… няма! І калі фрылансера падчас выканання ім прафесійных абавязкаў спыніць, да прыкладу, міліцыя, то не дапаможа апеляцыя да галоўнага закона краіны – Канстытуцыі, дзе чорным па белым напісана, што “кожны мае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі”. Бо – “пасведчанне сваё пакажыце!” А якое можа быць пасведчанне ў фрылансера? Хіба што пашпарт – “пасведчанне” грамадзяніна Рэспублікі Беларусь...
Але, як высвятляецца, беларускія журналісты не адзіныя ў такой сваёй бядзе. Падчас працоўнай паездкі ў Батумі я пазнаёміўся з фатографам-фрылансерам з Азербайджана Байрамам. Ён папрасіў называць яго менавіта так – так ён падпісвае свае фота. Гаворка наша пайшла не толькі пра нялёгкую долю фрылансераў у яго краіне, але і пра тое, чым наогул жыве незалежная журналістыка ў аўтарытарным Азербайджане.
– Першыя свае фотаздымкі як прафесійны фотакарэспандэнт я пачаў публікаваць 4 гады таму на невялікім, але даволі папулярным у Баку сайце навін. Працаваў там стала, з працоўнай кніжкай, як кажуць. Праўда, пратрымаўся не надта доўга – 8 месяцаў. Узніклі пэўныя канфлікты з кіраўніцтвам, ды і месца тое было… дрэннае, скажам так. Потым амаль 8 месяцаў працаваў на розных фестывалях ды паказах – так, халтурыў, шчыра кажучы. Але потым мне пашэнціла, і я пачаў супрацоўнічаць з мясцовым аддзяленнем ВВС у якасці фрылансера. І тут я ўжо здымаў сур’ёзныя рэчы – акцыі пратэсту, праўдзівыя гісторыі з жыцця шараговых азербайджанцаў і гэтак далей.
– Ці можа фатограф-фрылансер у вашай краіне сваёй працай зарабіць на нармальнае жыццё?
– Калі мы кажам менавіта пра фотажурналіста – не магу сказаць, што ён можа зарабіць дастаткова грошай, каб хаця б проста пражыць. І справа не толькі ў тым, што мала плацяць, але і ў тым, што затрымліваюць выплаты. Акрамя таго, з-за самацэнзуры кола тэм даволі абмежаванае: рэдакцыі яшчэ могуць у фатографа-фрылансера набываць якія-небудзь “лав-сторы”, але, калі размова заходзіць пра сур’ёзныя тэмы кшталту мясцовых акцый пратэсту, усе пачынаюць адмоўна махаць рукамі...
– Як незалежным журналістам, а тым больш журналістам-фрылансерам, працуецца падчас акцый пратэсту?
– Калі ў нас былі акцыі пратэсту, то я ехаў і здымаў іх і без прэс-карты, і без адмысловай камізэлькі. Але я ведаю, што ў такіх сітуацыях мушу быць вельмі асцярожным. Бо, калі будзе нейкі канфлікт, і мяне затрымаюць без прэс-карты, гэта будзе вельмі дрэнна для мяне. Апошнія некалькі гадоў у гэтым плане ў нас вельмі трывожныя тэндэнцыі.
– І што можа здарыцца ў тым выпадку, калі цябе затрымаюць без рэдакцыйнага пасведчання?
– А гэта будзе залежыць ад настрою паліцэйскага. Калі я ім чымсьці не спадабаўся, то мне могуць сказаць: “Які ты журналіст, калі ў цябе няма прэс-карты?! Ты ўдзельнік, а можа, і арганізатар акцыі!” І адправяць “на суткі”. А могуць і адпусціць. Вось толькі фотаздымкі знішчаць у любым выпадку ці проста карту памяці забяруць. У мяне такое аднойчы было – забралі карту памяці і адпусцілі. Самае цікавае, што найчасцей, калі патрапіў пад затрыманне, то і наяўнасць прэс-карты не ўратуе ад выдалення фота.
– У беларускім законе “Аб СМІ” няма нават такога паняцця – журналіст-фрылансер. А як з гэтым у Азербайджане?
– Тое ж самае! Бывае, здымаеш нейкую падзею – нават не акцыю, а культурнае мерапрыемства ці проста нешта ў горадзе, і ў цябе пытаюцца: “А хто ты такі, адкуль?” І калі кажаш, што ты незалежны, фрылансер, то чуеш у адказ: “Такога не можа быць! Калі ты журналіст, то ты павінен нейкую арганізацыю прадстаўляць”. Так што, ёсць у нас і журналісты-фрылансеры, і фатографы, але нас нібыта няма, і таму вельмі складана працаваць.
– Ці ёсць у Азербайджане зараз увогуле незалежныя альбо апазіцыйныя СМІ?
– Сітуацыя не надта добрая. Ёсць у нас незалежныя і нават апазіцыйныя газеты, а вось тэлеканалы практычна ўсе – дзяржаўныя. Нават тыя, якія заяўляюць, што яны незалежныя. “ВВС”, “Радыё Свабода”, “Голас Амерыкі” - яшчэ некалькі гадоў таму іх можна было слухаць па звычайных прыймачах на FM-хвалях. Але потым хвалі ў іх забралі, і цяпер іх можна чуць толькі праз інтэрнэт. Па шчырасці, сёння мы не можам сказаць, што ў нас ёсць незалежная прэса ў поўным сэнсе гэтага слова. Няма такіх, хто жыве за кошт рэкламы і вядзе сваю незалежную рэдакцыйную палітыку.
– Сабраліся, да прыкладу, журналісты-аднадумцы і вырашылі стварыць свой сайт, дзе плануюць пісаць усю праўду пра ўсё, што адбываецца ў краіне. Атрымалі пад гэта замежны грант… Улады вам дазволяць гэта зрабіць?
– Мы можам гэта зрабіць – ніякіх праблем з уладамі не будзе. Усё ўпіраецца ў фінансы. Да прыкладу, у мяне ёсць сябра, які стварыў інтэрнэт-радыё. Атрымаў пад гэта грант ад амерыканскай амбасады. І гэта працуе, на яго вэб-сайце ёсь навіны і яны абсалютна розныя і пра ўсё – ніякай цэнзуры. Але на адныя гранты такая справа доўга жыць не можа – ты павінен зарабляць грошы рэкламай. Інакш што атрымліваецца? Атрымаў ты грант на тры ці пяць гадоў, а што потым? Можна шукаць новы грант, а калі не знойдзеш? Закрываць справу? Ці, да прыкладу, грант затрымліваецца на тры ці чатыры месяцы – як гэты час існаваць зусім без грошай? У гэтага майго сябра каманда працавала тры месяцы зусім без грошай. Але гэта былі журналісты-пачаткоўцы, ім трэба было рабіць сабе імя. А як можа прафесійны журналіст жыць і працаваць тры месяцы, нічога не атрымліваючы? Трэба неяк зарабляць самім, а гэта ў нас немагчыма: ніхто не тое што апазіцыйнаму, але нават проста незалежнаму нейтральнаму СМІ рэкламу не дасць – баяцца праблем з уладамі. Супрацоўнікаў СМІ, што існуюць на замежныя гранты, міністры любяць называць “гантасосамі”, казаць, што яны працуюць не на карысць радзімы, а на іншую краіну. Вялікіх праблем ні журналістам, ні самім СМІ ўлады звычайна на ствараюць, пакуль камусьці з іх такі СМІ чымсьці моцна не “насоліць”.
– А што можа чыноўнікам асабліва не спадабацца?
– У нашай рэспубліцы буяе карупцыя. Але паспрабуй толькі закрануць нейкую “карупцыйную” тэму і кінуць цень на нейкага міністра! Любы матэрыял, хай і праўдзівы, і з доказамі, у выніку якога на паверхні апынаецца “брудная бялізна” нейкага высокага чыноўніка ці нейкага міністэрства, аўтаматычна азначае праблемы для СМІ.
– У такім выпадку ці можна ў азербайджанскіх СМІ знайсці сур’ёзнае журналісцкае расследаванне на палітычную тэму ці тэму карупцыі?
– Можна, але ёсць “але”... Ведаеш, у нас быў адзін вельмі вядомы журналіст, які актыўна крытыкаваў Гейдара Аліева. Яго забілі і ўлады сказалі: “Пакуль мы не знайшлі, хто яго забіў”. Хоць ўсе ведаюць хто. Ёсць у нас вядомы фатограф, які рабіў фотарэпартажы пра палітыкаў-карупцыянераў – у яго нечакана знайшлі наркотыкі і пасадзілі ў турму. Зараз ён на волі, але выязджаць за мяжу не можа. Так што, напісаць востры, праблемны матэрыял ты можаш, а потым сядзіш і чакаеш – якімі непрыемнасцямі для цябе гэта скончыцца... Хоць ты і можаш напісаць усё, што заўгодна, узняць любую праблему, апублікаваць фота скандальныя, але я не магу сказаць, што ў нас ёсць свабода слова... Дарэчы, ты ведаеш, што Ільхам Аліеў вось ужо трэці раз выйграў прэзідэнцкія выбары, але за гэты час не даў ніводнага інтерв’ю журналістам? Мясцовым журналістам ён ніколі не даваў інтэрв’ю. Замежным некалькі гадоў таму даў. Але там былі даволі вострыя пытанні, і з таго часу ён нават з замежнымі журналістамі не размаўляе. Нават адно гэта не дазваляе сказаць, што ў нас ёсць свабода слова.
– Ці ёсць у Азербайджане арганізацыя, якая аб’ядноўвае журналістаў, адукоўвае іх, дапамагае тым, каго затрымала паліцыя, ці ў каго ўзніклі якія нейкія іншыя праблемы?
– Не, нічога такога ў нас няма. Калі ў кагосьці з калег узнікаюць праблемы, калі некага затрымалі, мы самі распаўсюджваем гэтую інфармацыю сярод калег праз той жа Фэйсбук, арганізоўваемся і ідзем да паліцэйскага пастарунка – патрабуем, каб альбо калегу выпусцілі, альбо, калі сам ён на свабодзе, але ў яго забралі тэхніку, каб гэтую тэхніку вярнулі. Часам гэта нават дапамагае.
P.S. 6 жніўня Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФГСУП) прыняў зварот да прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, спікера нацыянальнай Асамблеі Азербайджана Агтая Асадава, віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі і Вярхоўнага прадстаўнікі ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Еўрасавета Кэтрын Эштан, еўрапейскага камісара па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Штэфана Фюле, прэзідэнта Еўрапарламента Марціна Шульца ды іншых сусветных палітыкаў. У заяве ФГСУП змешчана патрабаванне неадкладна вызваліць арыштаваных 30 ліпеня Лейлу і Арыфа Юнус, а таксама арыштаванага 2 жніўня Расула Джафарава – лідараў грамадзянскай супольнасці Азербайджана. Сярод іншага ў заяве гаворыцца: “Іх арышты і пераслед іншых актывістаў і журналістаў у Азербайджане скіраваныя на тое, каб паралізаваць працу арганізацый грамадзянскай супольнасці і СМІ, і з’яўляюцца часткай скаардынаванай кампаніі з боку ўладаў Азербайджана, каб спыніць крытыку рэспрэсій супраць дэмакратычных свабод у Азербайджане”.