Выйшаў новы квартальны бюлетэнь “СМІ ў Беларусі” (студзень-сакавік 2015 г.)


У аглядзе аналізуецца сітуацыя ў сферы СМІ за першы квартал 2015 года.

Паводле аўтараў, яна характарызавалася далейшым узмацненнем кантролю ўладаў за інфармацыйнай прасторай краіны.

“Набылі моц папраўкі, унесеныя ў снежні 2014 г. у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, якія зрабілі больш жорсткім дзяржаўнае рэгуляванне распаўсюду інфармацыі ў інтэрнэце і традыцыйных медыях.

Пачаў дзейнічаць прэзідэнцкі Дэкрэт №6 ад 28 снежня 2014 г. “Аб неадкладных захадах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які прадугледжваў татальны кантроль за карыстальнікамі інтэрнэту. Былі прынятыя падзаконныя акты, якія прапісвалі парадак абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і адсочвання паводзінаў грамадзянаў у сусветным сеціве.

Некалькі інфармацыйных сайтаў былі зноў заблакаваныя на некалькі дзён. Працягваўся пераслед журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Павялічылася колькасць папярэджанняў з боку Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да рэдакцый СМІ па нязначных прычынах.

На падставе непублічнага ўказання Міністэрства ўнутраных справаў супрацоўнікі міліцыі неаднаразова перашкаджалі правядзенню фота- і відэаздымак адміністрацыйных будынкаў. Пры гэтым адбываліся затрыманні журналістаў і звычайных грамадзянаў “для высвятлення асобы” і праверкі адзнятых матэрыялаў. Актывізавалася праца экспертных камісіяў па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкметаў праявы экстрэмізму”, - канстатуецца ў квартальным аглядзе.

ПОЎНЫ ТЭКСТ ПА-БЕЛАРУСКУ