Вярхоўны суд даслаў пісьмовае рашэнне па справе “Белсата” (копія дакумента)
Вярхоўны суд Беларусі накіраваў зацікаўленым бакам сваё пісьмовае рашэнне адносна перагляду зыску Андрэя Белякова да тэлеканала “Белсат”.
У пастанове за подпісам першага намесніка старшыні Вярхоўнага суда Аляксандра Федарцова паведамляецца, што ў часе ранейшага разбіральніцтва судовая калегія па справах аб інтэлектуальнай уласнасці належным чынам не праверыла довады Андрэя Белякова, і таму справа падлягае новаму разбіральніцтву.
Нагадаем, што ў сваім зыску Андрэй Белякоў прасіў Вярхоўны суд Беларусі прызнаць за сабой выключнае права на выкарыстанне гандлёвага знаку “Белсат” і прыпыніць яго нібыта незаконнае выкарыстанне тэлеканалам. Па словах Белякова, ягоная кампанія “БЕЛСАТплюс”, што займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, церпіць страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканала “Белсат ТВ”, заснаванага польскім тэлебачаннем TVP SA яшчэ ў 2006 годзе.
27 студзеня калегія Вярхоўнага суда адхіліла пазоў Андрэя Белякова, але 24 чэрвеня пасля пратэсту намесніка старшыні ВС Аляксандра Федарцова прэзідыум адправіў справу на новы разгляд.