Журналісты-вернікі: збіраемся сур’ёзна заняцца падвышэннем узроўню рэлігійных СМІ


Суполка хрысціянскіх журналістаў і блогераў падвяла прамежкавыя вынікі сваёй дзейнасці і абмеркавала планы на бліжэйшыя паўгода. Сярод іх – старт адукацыйных семінараў для прэс-службаў цэркваў і журналістаў рэлігійных СМІ.

– Суполка хрысціянскіх журналістаў і блогераў паўстала напачатку бягучага года з сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якія з’яўляюцца хрысціянскімі вернікамі альбо працуюць у рэлігійных СМІ, – гаворыць каардынатар суполкі Максім Гацак.

– Першай вялікай справай нашай групы было правядзенне конкурса матэрыялаў, прысвечаных абароне ненароджанага жыцця. На конкурс прыйшло некалькі дзясяткаў тэкстаў, а ўганараванне пераможцаў было прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Дарэчы, з наступнага года конкурсу “Жыццё пад сэрцам” плануецца надаць імя адной з сябраў сёлетняга журы Таццяны Тарасевіч, якая раптоўна пайшла з жыцця ў чэрвені. 

Па словах Максіма Гацака, пасля правядзення конкурса Суполка хрысціянскіх журналістаў і блогераў істотна вырасла колькасна. Да таго ж, праясніліся і новыя  задачы дзейнасці.

– Ні для каго не сакрэт, што большасць рэлігійных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі тэхналагічна вельмі саступаюць сваім свецкім канкурэнтам. Справа ў тым, што шмат дзе ў такіх выданнях матэрыялы рыхтуюць непрафесійныя журналісты. Менавіта з імі мы і маем намер працаваць, – гаворыць Максім.

Па словах сп-ра Гацака, у планах дзейнасці суполкі – старт цыклу адукацыйных семінараў, закліканых падвысіць узровень працы рэлігійных выданняў. На семінары плануецца запрасіць таксама супрацоўнікаў прэс-службаў саміх цэркваў. Лектарамі для такіх семінараў ужо пагадзіліся быць некаторыя трэнеры ГА “БАЖ”.

Дарэчы, з мінулага тыдня на сайце суполкі www.krynitsa.info запрацавала база хрысціянскіх цэркваў Беларусі, якая змяшчае звесткі пра каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія абшчыны, што зарэгістраваныя і дзейнічаюць у Беларусі.