“Калі лаюцца матам, ствараецца ўражанне, што чалавеку не хапае слоўнікавага запасу...”


Ці з’яўляюцца сацсеткі стоадсоткавай “прыватнай тэрыторыяй” журналіста? Ці варта журналісту дбаць пра свой прафесійны статус па-за працай?

Паводзіны ў сацыяльных сетках раз-пораз робяцца прадметам дыскусій унутры журналісцкай супольнасці. Нядаўняя апытанка ў БАЖаўскай Facebook-суполцы закранула даволі спецыфічны аспект гэтых паводзінаў – выкарыстанне  ненарматыўнай лексікі журналістамі. Адметна, што большасць удзельнікаў апытання пакінула за сабою права ўжыць “моцнае слоўца” ў выпадку неабходнасці.  

Сярод лідараў апынуліся наступныя варыянты адказаў: “Могуць, калі сітуацыя таго патрабуе”“Могуць, бо гэта не на старонках СМІ” і “Могуць, як і іншыя людзі, але гэта непрыгожа”. За “легалізацыю” мацюкоў выступае пераважна моладзь: Зміцер Панкавец, Аксана Бровач, Зміцер Кармазін, Ася Паплаўская. Хоць прысутнічаюць і тут і галасы карыфеяў пяра – Вольгі Анцыповіч, Сяргея Пульшы ды іншых.

У меншасці засталіся тыя, хто адказаў “Не могуць, бо гэта дэвальвуе статус журналіста”. Так лічаць, у прыватнасці, Паўлюк Быкоўскі, Алег Супрунюк, Марына Загорская, Мікалай Дзябёла.

Вось як аргументавалі сваю пазіцыю ўдзельнікі апытання:

Ася Паплаўская

– Калі чалавек у сацыяльных сетках выступае не як журналіст і не прадстаўляе там сваю рэдакцыю, то ў допісе ён можа выкарыстоўваць нецэнзурную лексіку. На маю думку, калі гэтага вымагае сітуацыя, не трэба ўзбівацца на нейкі “п’едэстал” і пазбаўляць сябе чалавечых праяваў.

І баяцца, што сярод тваіх чытачоў будуць нейкія “дзеці і моладзь”, не трэба – сённяшняя моладзь і так цудоўна ведае і выкарыстоўвае ўсе гэтыя выразы. Магчыма, гэта яскрава адлюстроўвае палітыка самога Facebook’а, які забараняе размяшчаць фотаздымкі аголеных целаў, але да нецэнзурнай лексікі ніякіх прэтэнзій не мае. І сапраўды – часам моцнае слова вельмі трапна адпавядае сітуацыі.

Хаця тут таксама трэба ведаць меру. Калі ў кожным допісе чалавек будзе ўжываць “х...” і “б...”, я яго чытаць не буду. І сама я вельмі рэдка выкарыстоўваю нецэнзурныя словы. Магчыма, гэта нейкі ўнутраны фільтр культурнага чалавека.

Юлія Коцкая

– Важна, каб нецэнзурная лексіка была жывая і адлюстроўвала тое, пра што пішуць. Калі пасля яе выкідвання мяняецца сэнс допісу, то чаму б яе не ўжыць? Напрыклад, нядаўна я працавала з тэкстам Сяргея Кузіна. Калі выкінуць з яго словаў пэўную лексіку, гэта ўжо будзе не той чалавек. Галоўнае – не ўжываць нецэнзуршчыну, як той казаў, замест знакаў прыпынку... Хоць сама я асабіста ніколі мат не выкарыстоўваю.

Паўлюк Быкоўскі

– Нецэнзурная лексіка кепска адбіваецца на рэпутацыі любога чалавека, асабліва таго, хто працуе са словам. Безумоўна, у кожнага журналіста ёсць выбар: прадстаўляць якасную, карэктную журналістыку альбо не клапаціцца пра стаўленне чытачоў да сябе і свайго СМІ.

Некаторыя лічаць, што нецэнзурныя словы не могуць зашкодзіць аўтарытэту выдання. Але тут яны вельмі памыляюцца. Інтэлігентны чалавек не мусіць у сваім побыце, у стасунках з іншымі людзьмі выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку.

Мікола Дзябёла

– Лічу, што лаяцца некультурна любому чалавеку, тым больш журналісту. Гэта характарызуе яго як нявыхаванага чалавека. І сацыяльныя сеткі ў гэтым выпадку варта абсалютна сур’ёзна разглядаць як грамадскае месца. У звычайным жыцці, калі цябе нехта нечакана падрэжа на машыне, ты яшчэ можаш ужыць моцны выраз. Але ў сацыяльных сетках у чалавека заўсёды ёсць час падумаць і ўзважыць свае словы.

Магчыма, людзі мацюкаюцца, каб дадаць сабе “крутасці”. Але не думаю, што гэта добры шлях самарэалізацыі – асабліва для журналіста, бо ён паказвае прыклад грамадству. Было б дзіўна, каб нашы настаўнікі спачатку навучалі нас чамусьці станоўчаму, а потым у звычайным жыцці мацюкаліся. Тое самае і з журналістамі.

Аксана Бровач

– Журналіст у сацыяльных сетках можа быць не толькі журналістам выдання, але і проста асобай. І калі ён піша пра нешта прыватна, ненарматыўная лексіка мае поўнае права ў такіх паведамленнях прысутнічаць.

Журналіст – гэта не палітык і не прэзідэнт, таму можа пачувацца вальней. Калі чалавеку нешта вельмі накіпела, абсалютна дапушчальна напісаць “ёпрст” і г.д. Бываюць такія факты, якія інакш і не пракаментуеш!

Што да мяне, то я звычайна “запіківаю” зорачкамі моцныя выказванні на сваёй старонцы, але абсалютна нармальна ўспрымаю, калі яны ў сяброў напісаныя і поўнасцю.

Зміцер Кармазін

– Я выступаю за тое, што сацыяльныя сеткі – гэта не СМІ, а асабістая прастора журналіста. Я, канешне, не маю на ўвазе, што ў сацыяльных сетках журналіст можа выказвацца "партовым матам", але ён можа быць больш свабодным. Я, напрыклад, дазваляю сабе такія эмоцыі, як “бля”, “сцуко”, але не больш за тое...

Вольга Хвоін

– Я не прыхільнца мату. Нецэнзурная лексіка мае права на існаванне, і часам моцнае слова бывае да месца. Але ў нашым жыцці матаў стала замнога: лаюцца падлеткі і дарослыя, рабочыя і “белыя каўнерыкі”. Па вялікім рахунку, для мяне публічныя мацюкі – сведчанне таго, што чалавек не надта выхаваны, яму напляваць на пачуцці іншых. Таму я – супраць ужывання мату ў публічнай прасторы, і гэта не залежыць ад прафесіі чалавека. Але, каб не выглядаць такой ужо пурытанкай, прызнаюся, што ў прыватных стасунках з добра знаёмымі людзьмі я магу мацюкнуцца. Праўда, цяпер істотна радзей, бо працуюць унутраныя фільтры – у мяне малая дачка, гэта вымагае імкнуцца быць крыху лепшай.

Руслан Гарбачоў:

– Думаю, калі паведамленні ў сацсетках адкрытыя для ўсіх наведнікаў старонкі журналіста, то ўжыванне ненарматыўнай лексікі ніяк не дадасць аўтарытэту ні журналісту, ні яго выданню.

Для мяне гэта нават не пытанне маралі. Мацюкнуўся ў допісе (у самой па сабе эмацыйнасці дрэннага нічога не бачу) – і многія з чытачоў, не знаёмыя з табою асабіста, успрымуць цябе як нястрыманую і неўраўнаважаную асобу. Хоць ты ў жыцці можаш быць разумным і кемлівым аўтарам. І далей на ўсе твае журналісцкія матэрыялы чытач будзе глядзець праз гэтую прызму, адмаўляючы табе ў аб’ектыўнасці і незаангажаванасці.

Зміцер Панкавец

– Лічу абсалютна нармальным ужываць моцныя выразы ў сацыяльных сетках і нічога тут заганнага не бачу. У сацыяльных сетках я прадстаўлены як чалавек, а не як намеснік галоўнага рэдактара.

Дзмітрый Яненка:

– Я лічу, што кожны павінен прымаць рашэнне сам. І не варта журналістаў тут вылучаць. Я ведаю шмат людзей, якія наогул не лаюцца матам. А ёсць такія, што без гэтага не могуць. Мне асабіста непрыемна, калі гучыць мат, і я рэгулярна раблю заўвагі. Аднак не буду нікога асуджаць.

Анатоль Гуляеў, старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ”:

– Я лічу, што журналіст застаецца журналістам. Ён дэманструе пэўны ўзровень развіцця, пэўны ўзровень культуры, і гэты ўзровень павінен быць высокім. Калі лаюцца матам, ствараецца ўражанне, што чалавеку не хапае слоўнікавага запасу.

Гэта тое ж самае, калі б настаўнікі на лекцыях выказваліся акадэмічнай мовай, а потым у сацыяльных сетках карысталіся нецэнзурнай лексікай. Мне заўсёды сорамна за прафесію, калі я чую нешта падобнае пра журналістаў. Асабліва брыдка, калі падобныя словы гучаць ад людзей, якія выдатна валодаюць словам, але наўмысна самі заніжаюць свой узровень.

Да выказвання Анатоля Гуляева варта яшчэ дадаць і той факт, што за нецэнзурныя выказванні ў інтэрнэце па беларускім заканадаўстве можна атрымаць абсалютна рэальны штраф альбо нават да пятнаццаці сутак арышту. Па словах намесніка старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыста  Андрэя Бастунца, гэта будзе абсалютна законна, бо інтэрнэт таксама лічыцца грамадскім месцам, і на яго распаўсюджваецца дзеянне Адміністратыўнага кодэксу.

Разам з тым, гэты  варыянт развіцця падзеяў у Беларусі выглядае пакуль маларэальным. Зрэшты, трохмільённы штраф наўрад ці нанясе сапраўднаму журналісту больш шкоды, чым грэблівае стаўленне калег і чытачоў. Хоць аўтар артыкула, на жаль, не з'яўляецца абсалютным прыкладам у справе лексікі.