Прэзідыум Вярхоўнага суда адправіў справу супраць “Белсата” на новы разгляд


Прэзідыум Вярхоўнага суда Беларусі прыняў рашэнне накіраваць зыск уладальніка фірмы “БЕЛСАТплюс” Андрэя Белякова супраць тэлеканалу “Белсат” на новы разгляд у сувязі з нібыта недасканалым вывучэннем доказаў па справе.

Хадайніцтва пра гэта было накіравана ў Прэзідыум ВС намеснікам старшыні Вярхоўнага суда Аляксандрам Федарцовым.

Як распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” афіцыйны прадстаўнік тэлеканалу “Белсат” Міхась Янчук, падчас пасяджэння абодвум бакам канфлікту прадаставілі магчымасць давесці да сябраў прэзідыуму свае асноўныя аргументы.

- Я пастараўся яшчэ раз давесці суддзям, што назва і лагатып нашага тэлеканалу зарэгістраваныя ў Польшчы ў 2006-м годзе ў адпаведнасці з усімі еўрапейскімі юрыдычнымі нормамі і ніякім чынам не могуць парушаць правы Андрэя Белякова.

Па словах жа Белякова, яго кампанія “БЕЛСАТплюс”, што займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, нібыта церпіць страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканала.

Нагадаем, што зыск супраць тэлеканалу быў пададзены Беляковым яшчэ ў маі мінулага года, а 27 студзеня 2014-га калегія Вярхоўнага суда зыск адхіліла у сувязі з тым, што Белякоў не прадставіў доказаў парушэння яго выключных правоў на гандлёвы знак.

Цяпер жа, паводле рашэння Прэзідыума ВС, зыск Белякова супраць “Белсата” будзе слухацца наноў. Дату слуханняў прызначаць неўзабаве.

Адметна, што пратэст намесніка старшыні Вярхоўнага суда Аляксандра Федарцова паступіў амаль праз пяць месяцаў пасля вынясення рашэння па справе і праз тры дні пасля правядзення беларуска-польскіх кансультацый на ўзроўні МЗС.