Журналісцкія залежнасці: Facebook і інфармацыя – на першым месцы


19 чэрвеня ва ўсім свеце на пэўны час стала недаступнай сацыяльная сетка Facebook, пра што адразу паспяшаліся паведаміць многія СМІ.

Пакуль паплечнікі Марка Цукерберга аднаўлялі працу, прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” вырашыла запытаць у калег, дзеля чаго звычайна яны выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі і наогул ці адчуваюць сваю залежнасць ад чаго-кольвек – у тым ліку ад сацыяльных сетак.

Зміцер Панкавец, газета “Наша Ніва”

– Адчуваю такую залежнасць, што ўжо ломка пачалася... (Смяецца). Калі сур’ёзна, то Facebook вельмі дапамагае ў працы, бо тут можна часам вельмі карысную інфармацыю атрымаць альбо распаўсюдзіць вельмі аператыўна.

Напрыклад, калі ў 2010-м годзе да нас у рэдакцыю прыйшлі супрацоўнікі з ператрусам, мне не трэба было ўсіх абтэлефаноўваць. Дастаткова было проста напісаць у Facebook. Наогул, на сённяшні дзень Facebook паведамляе пра падзеі раней за СМІ. Таму мой працоўны дзень пачынаецца і сканчаецца наведваннем гэтай сацыяльнай сеткі. Іншых залежнасцяў у мяне няма... (Смяецца).

Сяргей Балай, газета “Салідарнасць”

Facebook-залежнасці я не адчуваю, бо з задавальненнем туды б не залазіў. Facebook’ам карыстаюся выключна па працы, бо ў цяперашнім жыцці сацыяльныя сеткі сталі моцнай крыніцай рознай інфармацыі.

Але, калі не праца, я звычайна трыццаць тры разы падумаю, ці трэба мне туды заходзіць. Бо часта гэта стварае эмацыйнае, інфармацыйнае, нервовае напружанне. Для большасці людзей Facebook – гэта нейкая забаўляльная прастора, а для журналістаў – частка працы.

Нейкіх іншых залежнасцяў, здаецца, не маю. Нават ад кавы адмовіўся апошнім часам. Свой працоўны дзень звычайна пачынаю з таго, што гуляюся з дачкой.

Віталь Цыганкоў, “Радыё Свабода”

– Для мяне Facebook – гэта тое, што раней называлася дзённікам пісьменніка альбо дзённікам журналіста. Асноўнае адрозненне ў тым, што раней гэта публікавалася праз гады і нават праз дзесяцігоддзі, а зараз публікуецца штодзённа.

Першы год пасля рэгістрацыі ў Facebook я не напісаў там ніводнага слова – толькі карыстаўся ім як пашыраным сродкам масавай інфармацыі, дзе людзі пішуць і пра падзеі, і пра асабістае жыццё. Але потым я таксама стаў пісаць у гэты “СМІ”. Звычайна ў сацыяльных сетках журналісты дзеляцца нейкімі цікавымі ўражаннямі – тым, што не трапляе ў выданні. Не будзеш жа пісаць артыкул на сайт “Свабоды” пра нейкую дробную жыццёвую заўвагу альбо пра нейкі дзіцячы ўспамін.

Залежнасці ад сацыяльных сетак асаблівай не адчуваю, бо спакойна магу на дзень, тыдзень альбо месяц адтуль знікнуць і буду пачувацца камфортна. Калі бываю ў адпачынку ці ў камандзіроўках, не ляту хутчэй да камп’ютара, каб зайсці ў сацыяльныя сеткі. Хоць, безумоўна, з ім цікавей.

Таццяна Каравянкова, інфармацыйнае агенцтва “БелаПАН”

– Шчыра кажучы, так занятая, што нават не заўважыла сёння знікнення Facebook’а. Карыстаюся ім і па працы, і для ўласнай забавы.

Калі Facebook знікне, думаю, гэта не асабліва паўплывае на маё жыццё, хоць я і лічу сябе актыўным карыстальнікам гэтай сацыяльнай сеткі. Іншыя залежнасці прыгадаць вельмі цяжка. Хіба што сюды можна аднесці вечаровую прагулку з сабакам, якога добра ведаюць мае фрэнды.

Віталь Зыблюк, “Еўрарадыё”

– Facebook’ам карыстаюся ў большасці выпадкаў для атрымання інфармацыі альбо для пошуку патрэбных людзей і кантактавання з імі. Дзякуючы сацыяльным сеткам сёння можна “выйсці” амаль на кожнага чалавека. Так, напрыклад, мы знаходзілі людзей, якія збілі інваліда ў мінскім метро.

Наогул я маю шмат залежнасцяў, сярод якіх і музыка, і футбол. Але галоўнай з іх усё роўна з’яўляецца залежнасць інфармацыйная. З аднаго боку, часам надакучвае, калі ўвесь час імкнешся ведаць пра ўсё і сачыць за ўсімі падзеямі. Але з іншага – вельмі некамфортна сябе адчуваеш, калі апынаешся адрэзаным ад інфармацыі.