Украіна: 132 парушэнні свабоды слова за адзін месяц
На працягу мая ва Украіне было зафіксавана 132 выпадкі парушэння свабоды медыя і правоў журналістаў — паведамляе Інстытут масавай інфармацыі (ІМІ) ў штомесячным маніторынгу ІМІ «Барометр свабоды слова».
У гэты перыяд асноўнымі выклікамі для свабоды слова ва Украіне сталі напады на офісы мясцовых СМІ, атакі на журналістаў і адключэнне ўкраінскіх тэлеканалаў на ўсходзе краіны.
У маі ўпершыню ва Украіне загінуў супрацоўнік замежнага СМІ — італьянскі журналіст Андрэа Рачэлі. Ён і яго перакладчык, расійскі грамадзянін Андрэй Міронаў трапілі пад мінаметны абстрэл пад Славянскам.
Акрамя таго, у маі эксперты ІМІ зафіксавалі 38 выпадкаў цэнуры, у асноўным гэта адключэнні ўкраінскіх тэлеканалаў на ўсходзе краіны. У тры з паловай разы ўзрасла колькасць перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў — 22 выпадкі. Эксперты таксама зафіксавалі 18 выпадкаў збіцця і нападаў на журналістаў, 13 выкраданняў, 7 незаконных арыштаў. Яшчэ адной тэндэнцыяй мая сталі напады на офісы мясцовых СМІ на ўсходзе Украіны – 14 выпадкаў.