Выканаўцай абавязкаў міністра інфармацыі Беларусі прызначаная Лілія Ананіч, паведамляюць дзяржаўныя СМІ

БелаПАН

Выканаўцай абавязкаў міністра інфармацыі Беларусі прызначаная Лілія Ананіч, якая раней займала пасаду першага намесніка міністра. Пра гэта паведамляе газета "Советская Белоруссия" (друкаваны орган Адміністрацыі прэзідэнта) са спасылкай на Міністэрства інфармацыі.

Ранейшы міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, які займаў гэтую пасаду са снежня 2009 года, быў адпраўлены ў адстаўку 4 чэрвеня ўказам прэзідэнта. Прычына адстаўкі не ўказвалася.

Лілія Ананіч нарадзілася ў 1960 годзе ў  вёсцы Лявонава Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Закончыла факультэт журналістыкі БДУ (1982) і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2000). З 1982 па 1984 гады працавала фотакарэспандэнтам раённай газеты "Шлях камунізму". З 1984 па 1992 гады — рэдактар, а затым старшы рэдактар НДІ сродкаў аўтаматызацыі ў Мінску. З 1992 па 1996 гады — рэдактар, галоўны спецыяліст, намеснік начальніка ўпраўлення СМІ Міністэрства культуры і друку. З мая 1996-га па лістапад 2001 года працавала намеснікам начальніка, начальнікам інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржкамітэта па друку. З лістапада 2001-га па лістапад 2003 года займала пасаду намесніка міністра інфармацыі. У снежні 2003 года была прызначаная першым намеснікам міністра інфармацыі.