Расейскія СМІ пішуць пра «пекла» для працы журналістаў на хакеі
Расейскія журналісты апісваюць усе тыя перашкоды, якія сустракаюць іх на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Менску і прызнаюцца, што яны ў шоку ад невыносных умоваў працы.
Карэспандэнт расейскага спартовага інтэрнэт-выданьня «Чэмпіянат» абурана піша пра ўсе тыя перашкоды, якія створаныя арганізатарамі чэмпіянату сьвету для працы журналістаў.
«Цяпер пяройдзем да тых момантаў, якія спачатку ўспрымаліся як мясцовы калярыт, потым – як вымушаная нязручнасьць, а ў канцы пачалі злаваць нават тых, хто па прыродзе сваёй спакойны апрыёры. Доступ на тэрыторыю трох арэн («Мінск-Арэна», вэлядром і канькабежны стадыён) ажыцьцяўляўся праз два блёкпосты. Гэта былі рэальныя блёкпосты, у якіх ажыцьцяўляўся вельмі жорсткі дагляд.
Нязручнасьці для заўзятараў, якіх было вельмі шмат, зразумелыя. Але яны, па старой звычцы, бяруць з сабой на падобныя мерапрыемствы мінімум рэчаў. Журналісты такой раскошы дазволіць сабе ня могуць. Стандартны дагляд пры ўваходзе ў ахоўны пэрымэтар выглядае так: вы адкрываеце усе завалы на торбах (аўтар гэтых радкоў перамяшчаецца з заплечнікам), супрацоўнікі аховы дастаюць адтуль усё зьмесьціва, патрабуюць уключыць ноўтбук, тэлефоны, удакладняюць «што гэта за скрыначка» і ўважліва абмацваюць ня толькі саму сумку, але і вас асабіста. Такіх мер засьцярогі не было нават у Сочы, нават у дзень адкрыцьця.
І усё б нічога, але такая працэдура паўтараецца і на ўваходзе на арэну. Прычым сярод прадстаўнікоў спэцпадразьдзяленьняў жанчын у першай палове дня не было. Дыялёг з усьмешлівым хлопцам, які выказаў гатоўнасьць пяшчотна даглядзець дзяўчат-журналістак плаўна перайшоў у лікбез па правах чалавека, на што той з усьмешкай марскога пяхотніка заявіў, што нічым больш дапамагчы ня можа. Усё разумее, але дапамагчы ня можа. Здаровы сэнс, дарэчы, узяў верх, а ў другой палове дня зьявіліся і прадстаўніцы прыгожага полу сярод гаспадароў гэтых блёкпостаў.
Патрапіўшы на раскатку зборнай і атрымаўшы пэўны аб'ём інфармацыі, у тым жа Хельсынкі (там, дарэчы, даглядалі толькі картку акрэдытацыі) ты мог зрабіць 20 крокаў і апынуцца ў прэс -цэнтры, разьмешчаным проста ў фае. У Менску неабходна выйсьці са стадыёна і перабрацца на вэлядром, дзе абсталяваны прэс-цэнтар. Гэта значыць, вы разумееце, што яшчэ аднаго дагляду вам не пазьбегнуць. На самой арэне працаваць няма дзе абсалютна. Там яшчэ і Інтэрнэт жудасны, іншага слова не падбярэш.
Але пішучай прэсе ў гэтым пляне яшчэ пашанцавала. Зь якімі нерэальнымі цяжкасьцямі сутыкнуліся нашы калегі-фатографы, нават у страшным сьне прыдумаць нельга. Пачнем з таго, што на ўсіх найбуйнейшых турнірах для майстроў аб'ектыву арганізуюць своеасаблівыя камэры захоўваньня. Усё проста – гэта стэлажы са скрынямі, якія зачыняюцца на замок. Накшталт тых, што мы бачым у супэрмаркетах. Яны амаль заўсёды платныя, але грошы за іх просяць разумныя.
І для фатографаў яны жыцьцёва неабходныя. Трэба разумець, колькі абсталяваньня бярэ з сабой на падобны турнір прафэсіянал: гэта амаль заўсёды дзьве камэры, мінімум два аб'ектывы, ноўтбук, маса разнастайных аксэсуараў. Усяго і не пералічыць. І практычна заўсёды гэта велізарны чамадан і некалькі невялікіх заплечнікаў ці торбаў. І усё гэта заўсёды захоўвалася ў будынку прэс-цэнтру. Цяпер жа нашы калегі вымушаныя цягаць гэта з сабой раніцай, вечарам і ўвесь дзень.
І тут самы час успомніць пра тое, колькі блёкпостаў неабходна пераадолець. І вось уявіце сабе сівога швэда, які раскладвае свой чамадан, дзьве сумкі, уключае усе камэры, каб прадэманстраваць, што яны фатаграфуюць, а не страляюць, тлумачыць, для чаго патрэбная гэтая скрыначка, што гэта за дзіўны гаджэт і т. д. Пасьля цягне гэта ўсё на арэну, здымае 20-хвілінную раскатку і адпраўляецца ў прэс-цэнтар, каб апрацаваць і скінуць у агенцтва фатаграфіі. І так – некалькі разоў за дзень. «Я 20 гадоў у спартыўнай фатаграфіі. Аказваецца, я яшчэ нават ня ведаю жыцьця», – разводзіць рукамі швэд.
Сярод фатографаў цяпер вельмі шмат дзяўчат. Як адчуваць сябе ім?..
Праблемы з даглядам і абсталяваньнем, вядома, прыносяць шмат нязручнасьцяў, але ня гэта галоўнае. «Гэта можна перажыць», – заявіў адзін амэрыканец. Рэпрэсіі ўнутры арэны – вось самы балючы ўдар па прафэсіяналах. Пачнем з таго, што служба бясьпекі забараніла вешаць камэры пад скляпеньні палаца. Мы ўжо прывыклі да гэтых часам вельмі цікавых здымкаў падзей на пятаку з вышыні птушынага палёту. На ўсіх арэнах сьвету фатографаў спакойна пускаюць пад дах, у Менску – не. У прынцыпе. Разьвесіць успышкі ў правільных месцах, таксама пад дахам, каб у момант пстрычкі сьвятло было гарантавана працоўным, нельга катэгарычна.
Ну і фінальным акордам першага дня стала забарона здымаць тую трыбуну, на якой знаходзіўся кіраўнік Беларусі. Усіх фатографаў сагналі ў адну кропку, на якой, па-добраму, цесна будзе і семярым. Ня дзіва, што замардаваныя гэтым вар'яцкім днём майстры ў большасьці сваёй наогул праігнаравалі цырымонію адкрыцьця і матч Беларусі з ЗША. Біліся за месцы толькі тыя, у каго было дакладнае рэдакцыйнае заданьне.
Далей карэспандэнт выданьня піша пра кепскі інтэрнэт унутры хакейнай арэны і заканчвае свой артыкул словамі – «Пакуль галоўная выснова з падзеяў першага дня для журналістаў наступная: нас тут не чакалі».