Лекцыя Марціна Путны пра літаратурную крытыку Сярэдняй Еўропы

Будзма разам!

Пачатак: 02.05 (19:30)
Офіс Пэн-цэнтра
(Мінск, вуліца Залатая горка, 2 – 101)

Кошт: Уваход вольны


Прафесар Карлавага універсітэта ў Празе, вядомы чэшскі культуролаг і даследчык літаратуры Марцін Путна 2 траўня выступіць у Мінску з лекцыяй “Літаратурная крытыка ў Сярэдняй Еўропе: навука, мастацтва, ідэалогія, аўтатэрапія?”. Сустрэчу ладзіць літаратурны сайт bookster.by.

З лекцыі прафесара Путны слухачы даведаюцца, якія функцыі выконвала літаратурная крытыка апошнія дзвесце гадоў – падчас нацыянальнага адраджэння ў Сярэдняй Еўропе XIX стагоддзя, у эпоху секулярызацыі (“каталіцкая крытыка”), а таксама ва ўмовах таталітарных рэжымаў XX стагоддзя і пасля іх падзення.

Ці можна лічыць крытыку дысцыплінай аб’ектыўнай, навуковай, альбо яна па вызначэнні суб’ектыўная, творчая, на мяжы з мастацтвам? І калі разглядаць псіхалагічны партрэт крытыка, то да якой ступені рэцэнзаванне кніг з’яўляецца для яго аўтатэрапіяй? Спадар Путна таксама закране праблему негатывізма, распавядзе пра такую з’яву як “крытыка крытыкі” і разгледзіць “крытыку дзеля самога мастацтва” ў традыцыі нямецкай, аўстрыйскай, чэшскай і славацкай літаратураў.

Апроч таго, Марцін Путна раскажа пра найноўшыя тэндэнцыі ў еўрапейскай крытыцы і яе сённяшнія функцыі: крытыка і гендэр, крытыка і нечаканае ажыўленне марксізма ў еўрапейскай культуры, а таксама прывядзе прыклады з чэшскага літаратурнага жыцця апошніх месяцаў, калі аргументы крытыкаў ператвараюцца ў аплявухі.