МФЖ і ЕФЖ: Многіх журналістаў “рабуюць” падчас падпісання працоўных кантрактаў


23 красавіка адзначаецца Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права. Многія журналісцкія арганізацыі свету выкарыстоўваюць гэта як нагоду ўступіцца за правы людзей нашай прафесіі.

Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў заклапочаныя ўсё больш шырокай практыкай падпісання кантрактаў з несправядлівымі ўмовамі, якія пазбаўляюць іх аўтарскага права і істотна ўплываюць на іх прыбыткі і будучую працу.

Сёння яны заклікалі свае філіі па ўсім свеце скасаваць несправядлівыя пункты працоўных кантрактаў. У прыватнасці, арганізацыі заклікаюць адмовіцца ад умоваў выкупу эксклюзіўных аўтарскіх правоў, падпісання нявызначаных умоваў выкарыстання на будучыню і перадачы немаёмасных правоў.

МФЖ і ЕФЖ лічаць неабходным прыняць заканадаўства на ўзроўні ЕС, якое гарантавала б аўтарам абарону іх немаёмасных і эканамічных правоў пры падпісанні працоўных дамоваў.

“Немаёмасныя правы з’яўляюцца перадумовай даверу да створанага прадукту, – кажа прэзідэнт ЕФЖ Могенс Б’ерэгард. – Без немаёмасных правоў аўтары не маюць шанцаў абараніць сваю працу. Без маёмасных правоў аўтары пазбаўлены шанцаў рэалізаваць свае немаёмасныя правы”.

“Свабода заключаць дамовы не павінна прымяняцца да асобных журналістаў. Нам патрэбны гарантыі, што аўтараў не будуць сістэматычна рабаваць падчас кантрактных перамоваў, і гэта павінна быць гарантавана законам,” – кажа Джым Бумела, прэзідэнт МФЖ.

ЕФЖ рэкамендуе Еўрапарламенту ўважліва вывучыць даследаванне нацыянальных заканадаўстваў еўрапейскіх краін, якое было завершана ў лютым. Яно ацэньвае нацыянальныя законы менавіта з гледзішча аўтарскага права і кантрактных правоў. Вынікі даследавання паказваюць, што ў шматлікіх заканадаўствах існуюць пункты, якія пазбаўляюць журналістаў і іншых творцаў магчымасці атрымліваць справядлівую плату за сваю працу.


Выява delibfive.wordpress.com

Упершыню Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права адзначаўся ў 1995 годзе пад эгідай ЮНЭСКА. Сама прывязка да даты з’явілася ў Іспаніі ў 1923 годзе, у гонар ушанавання памяці Мігеля дэ Сервантэса, аўтара “Дона Кіхота”. Таксама 23 красавіка лічыцца днём нараджэння і смерці Уільяма Шэкспіра. У гэты дзень па ўсім свеце праводзяцца літаратурныя чытанні і вечарыны, кніжныя кірмашы.