Справу супраць «УзГорка» і БелаПАН прыпынілі (Абноўлена)


Раённы суд г. Горкі 17 красавіка прыпыніў разгляд грамадзянскай справы па зыску старшыні Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамары Калтуновай да рэдакцыі мясцовай незалежнай газеты "УзГорак" і інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Як паведамляе сайт horki.info, такое рашэнне прынятае ў сувязі з неабходнасцю правядзення дадатковай праверкі. Горацкае аддзяленне Следчага камітэта будзе правяраць факт выкарыстання зыскоўцай пашпартных дадзеных для неабгрунтаванага прызначэння ёй пенсіі.

У судзе адбылася дыскусія наконт таго, якія тэмы мае права асвятляць журналіст. Прадстаўнікі зыскоўцы цікавіліся, навошта было асвятляць судовы працэс, калі з матэрыялаў чытачу не зразумела, які з бакоў мае рацыю. Прадстаўнік ГА “БАЖ” Алег Агееў даводзіў, што яго давяральнік – журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч – сам прысутнічаў у судзе і перадаваў адтуль інфармацыю, паколькі гэта грамадска значная падзея, і ніхто не можа дыктаваць СМІ, якія падзеі асвятляць, а якія – не. Змест дыскусіі адлюстраваны ў online-рэпартажы на сайце газеты «Узгорак».


Галоўная рэдактарка "УзГорка" Галіна Будная і журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч


Фота газеты "Узгорак"

Першая сустрэча бакоў у судзе адбылася 10 сакавіка. Менавіта тады замест галоўнай рэдактаркі “УзГорка” Галіны Буднай другім суадказчыкам па зыску стала інфармацыйная кампанія БелаПАН. Другі этап слуханняў прыпаў на 27 сакавіка.

Зыскоўца абвінавачвае згаданыя СМІ ў паклёпе і патрабуе спагнаць з іх 50 млн. рублёў. Спн. Калтунова лічыць, што перадрукаваныя "УзГоркам" матэрыялы агенцтва БелаПАН з пасяджэнняў суда 2013 года ўтрымліваюць паклёпніцкія звесткі.

У 2013 годзе Калтунова судзілася з чатырма інвалідамі, якіх таксама абвінавачвала ў паклёпе. Адказчыцы, у сваю чаргу, неаднаразова абвінавачвалі Калтунову ў нестатутнай дзейнасці і несправядлівым размеркаванні гуманітарнай дапамогі. Першапачаткова суд у Горках прызнаў іх вінаватымі, аднак пасля Магілёўскі абласны суд задаволіў скаргі адказчыц і палічыў іх віну недаказанай.

Каментары: