Адбылася прэс-канферэнцыя «Медыяландшафт краін Усходняга партнёрства» (фота, інфаграфіка)


На прэс-канферэнцыі прэзентаваны даклад «Свабода медыя ў краінах Усходняга Партнёрства-2013», маніторынг канфліктаў у сферы СМІ ў Беларусі за 2013 год (пакуль даступны на рускай мове), а таксама першы ў гэтым годзе квартальны аналітычны агляд «Масмедыя ў Беларусі».


На фота: Аляксандр Старыкевіч і Андрэй Бастунец. (Усе фота павялічваюцца клікам.)

Сёлета ў Беларусі з'явіўся шанец падняцца з апошняга месца ў рэйтынгу краін Усходняга Партнёрства, дзе яна знаходзілася на працягу ўсяго 2013 года. Але не за кошт паляпшэння сітуацыі ўнутры краіны, а за кошт рэзкага пагаршэння сітуацыі ў суседніх, – адзначылі на прэс-канферэнцыі намеснікі старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец і Аляксандр Старыкевіч.

«Нічога не змяніўшы па сутнасці, беларускія ўлады выглядаюць крыху інакш на фоне падзеяў ва Украіне і Расіі, – заўважыў Аляксандр Старыкевіч. – Але ці сведчыць гэта, што яны сталі лепшымі? Проста ў нас няма пакуль крызісу, які б выплёскваўся на вуліцы, і таму няма вялікай патрэбы ў дадатковым зацісканні гаек».

Пра адсутнасць сістэмных зрухаў да лепшага сведчаць як негатыўныя тэндэнцыі мінулага года, так і непрыемныя для незалежных СМІ падзеі пачатку 2014-га.

«Пры канцы мінулага года мы бачылі, як дзяржава, фактычна ўрэгуляваўшы «традыцыйныя» медыя, імкнецца распаўсюдзіць кантроль на інтэрнэт, на кнігавыдавецтва і нават на кніжны распаўсюд, – адзначыў Андрэй Бастунец. – Апошнім часам у зону асаблівай увагі трапілі блогеры і інтэрнэт-актывісты».


Удзельнікі прэс-канферэнцыі

Па назіраннях юрыста, усё больш шырока практыкуецца распаўсюд фальшывак у інтэрнэце – як ад імя журналістаў, так і на іх адрас. У красавіку адбыўся «накат» на калег, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, а таксама на распаўсюднікаў маланакладных СМІ. Прычым шмат у якіх выпадках міліцыя складае пратаколы за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 ч.2 КаАП).

«Самае абуральнае – што пад «незаконным вырабам» міліцыя разумее, напрыклад, здымкі тэлесюжэта. Гэта зусім недарэчная трактоўка закона, бо журналіст толькі збірае і рыхтуе інфармацыю, а «вырабляе прадукцыю СМІ» рэдакцыя», – падкрэслівае Андрэй Бастунец. – Зразумела, судовыя рашэнні будуць абскарджвацца. Але цікава, чаму менавіта ў красавіку пачаліся такія выпадкі ў рэгіёнах?..»

Зводны даклад «Свабода медыя ў краінах Усходняга Партнёрства-2013» падрыхтаваны міжнароднай грамадскай арганізацыяй «Internews-Украіна» на падставе апытання медыяэкспертаў у кожнай з шасці краін Усходняга Партнёрства: Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне. Даклад ахоплівае перыяд з сакавіка па снежань 2013 г. і з'яўляецца аналітычным прадуктам праекта «Маніторынг свабоды медыя краін Усходняга партнёрства», які ажыццяўляецца пры падтрымцы ЕС. Разам з тым, яго змест не з'яўляецца адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі ЕС. Больш пра праект можна даведацца ТУТ.

Даклад «СМІ ў Беларусі» і штоквартальныя аналітычныя справаздачы рыхтуе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Свобода медиа в странах Восточного партнерства-2013

Массмедиа в Беларуси №6(35) (январь - март 2014 г.)

СМИ в Беларуси в 2013 году