Пятае па ліку папярэджанне журналістам за гэты год (Абноўлена, дадаўся дакумент)


У пракуратуры Віцебскай вобласці палічылі, што незалежная журналістка з Віцебска Святлана Сцяпанава без акрэдытацыі супрацоўнічае з замежным СМІ – беларускай службай “Польскага радыё для замежжа”.

На фота: Святлана Сцяпанава

15 красавіка журналістка наведала Віцебскую абласную пракуратуру ў суправаджэнні віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава.

Пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства Павел Зайцаў гутарыў з журналісткай на працягу 20 хвілін. “Ён тлумачыў, што журналіст замежнага СМІ ў Рэспубліцы Беларусь не мае права працаваць без акрэдытацыі, і папярэдзіў пра магчымую адказнасць па артыкуле 22.9. ч 2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”)”, – распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” Павел Левінаў.

Пасля гутаркі пракурор выйшаў у суседні пакой і прынёс гатовую пастанову аб вынясенні папярэджання. Паперу, па меркаванні Паўла Левінава, падрыхтавалі загадзя: пад ёй стаіць подпіс намесніка пракурора вобласці Георгія Каранько, якога візіторы сустрэлі на выхадзе з будынка.

Святлана Сцяпанава збіраецца абскарджваць санкцыю пракурору вобласці.   

(Выяву можна павялічыць клікам)

Гэта пятае па ліку папярэджанне ў 2014 годзе незалежным журналістам за супрацу з замежнымі СМІ. У сакавіку Брэсцкая гарадская пракуратура папярэдзіла журналіста Яўгена Скрабца, Гомельская абласная пракуратура –  Юлію Сівец і Мікалая Бянько, у лютым пракуратуры Лідскага раёна папярэдзіла Юрыя Дзешука.

Былі і выпадкі прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці на той жа падставе. 4 красавіка Ленінскі раённы суд Гродна абвінаваціў Алеся Дзянісава ў парушэнні вышэйзгаданага арт. 22.9 ч.2 і пастанавіў спагнаць з яго 4, 5 млн. рублёў.

У мінулым годзе ГА "БАЖ" атрымала інфармацыю пра 9 папярэджанняў журналістам ад органаў пракуратуры, прычым большая частка гэтых санкцый тычылася супрацы з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

 

На гэтую ж тэму:

Віцебская абласная пракуратура вынесла папярэджанне незалежнай журналістцы Святлане Сцяпанавай