“Што кепскага я зрабіў гэтай дзяржаве?”
Рэдактар “Вольнага Глыбокага” звярнуўся ў мясцовае аддзяленне “Белпошты” з просьбай уключыць выданне ў падпісны каталог.
Там яго спачатку абнадзеілі, прапанавалі пісаць заяву і запаўняць неабходныя анкеты. Адказ на заяву праз тыдзень прыйшоў з Мінску: “РУП “Белпошта” лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог газеты “Вольнае Глыбокае”, паколькі Вашыя патрабаванні не грунтуюцца на нормах заканадаўства”.
Заснавальнік і галоўны рэдактар незалежнай рэгіянальнай газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун у сярэдзіне сакавіка звярнуўся ў мясцовае аддзяленне “Белпошты” з прапановай узнавіць супрацоўніцтва па распаўсюдзе газеты і ўключыць выданне ў падпісны каталог на 2-е паўгоддзе 2013 года.
Спачатку яму не адмовілі, нават прапанавалі запоўніць неабходныя анкеты і напісаць заяву на адрас Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”. За афармленне дакументаў рэдактар сплаціў, як таго патрабуюць умовы, 90 тысяч рублёў.
На гэтым тыдні адказ на заяву рэдактара незалежнага выдання прыйшоў з галоўнага офіса дзяржаўнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта”.
“Паводле часткі 3 артыкула 2 ГК удзельнікі грамадзянскіх праваадносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах. Яны свабодныя ў вызначэнні сваіх правоў і абавязкаў на аснове дамовы і ў выбары любых ўмоў дамовы, якія не супярэчаць заканадаўству.
Паколькі абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталога з мэтай наступнага іх распаўсюду праз падпіску з’яўляецца правам РУП “Белпошта” (…)”, – паведамляецца ў афіцыйным лісце за подпісам намесніцы гендырэктара “Белпошты” Алены Скрыпчык.
“РУП “Белпошта” лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог газеты “Вольнае Глыбокае”, паколькі Вашыя патрабаванні не грунтуюцца на нормах заканадаўства”, – рэзюмуе свой адказ чыноўніца.
“Што кепскага я зрабіў гэтай дзяржаве? Пішу пра гісторыю, друкую прыватныя абвесткі, патрэбную і цікавую людзям інфармацыю… Дык што кепскага я зрабіў гэтай дзяржаве?” – задаецца пытаннем Уладзімір Скрабатун.
Нагадаем, праблемы з распаўсюдам праз прадпрыемствы “Саюздруку” і “Белпошты” ў шэрагу газет узніклі на пачатку 2006 года – незадоўга за прэзідэнцкіх выбараў. Тады з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду выкінулі амаль усе незалежныя перыядычныя выданні грамадска-палітычнай тэматыкі.
За мінулыя 7 гадоў глабальна сітуацыя не змянілася. Толькі ў 2008 годзе паводле “неафіцыйных дамоўленасцяў” на хвалі пацяплення стасункаў з ЕС у падпісныя каталогі “Белпошты” і шапікі «Белсаюздруку» вярнулі агульнанацыянальныя газеты "Наша Ніва" і "Народная воля", потым у 2010-м дазволілі вярнуцца ў распаўсюд рэгіянальнаму “Ганцавіцкаму часу”.
Па-ранейшаму ў пераліку «праблемных» газет застаюцца агульнацыянальныя: "Новы час", "СНплюс. Свободные новости плюс", "Товарищ", і рэгіянальныя: "Борисовские новости", "Витебский курьер" (зарэгістраваны ў РФ), "Вольнае Глыбокае", "Газета Слонімская", "Intex-press", "Нясвіжскі час", "Ляхавіцкі час", "Отдушина", "Рэгіянальная газета".
З эканамічных прычын, прадыктаваных у тым ліку і немагчымасцю нармальна распаўсюджвацца, шэраг газет перасталі існаваць, у прыватнасці: “БДГ. Деловая газета”, "Belarus today”, “Экспресс-новости”, “Биржа информации” (Гродна), “Витебский курьер-М”, “Газета для Вас” (Івацэвічы), “Местная газета” (Ваўкавыск), “Мясцовы час” (Пінск), “Оска-экспресс” (Слуцк). А іншыя сышлі ў інтэрнэт: “Салідарнасць”, “Химик” (Наваполацк), “Бобруйский курьер”.
Часопіс "ARCHE-Пачатак" адсутнічаў у гандлёвай сетцы арганізацый "Белсаюздруку", а ў лістападзе 2012 года быў вымушаны адмовіцца ад паслуг РУП «Белпошта». Падставай стала блакаванне рахунку выдання Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю 4 кастрычніка. З гэтай прычыны рэдакцыя “Arche” не змагла выпусціць у свет некалькі цалкам падрыхтаваных да друку нумароў і выканаць свае абавязкі перад падпісчыкамі.