Запрашаем у экалагічны прэс-тур на Валожыншчыну, дзе будуецца буйны свінакомплекс


У межах кампаніі ГА "БАЖ" "За экалагічны дабрабыт!" запрашаем Вас прыняць удзел у прэс-туры на Валожыншчыну 27 верасня (чацвер).

Сёлета ГА "БАЖ" звяртаўся да сябраў арганізацыі, якія асвятляюць экалагічную тэматыку, з просьбай звярнуць увагу на тэхнагенныя фактары ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

У сувязі з гэтым прапануем Вам наведаць Валожынскі раён, дзе пачалося будаўніцтва буйнога свінакомплекса на 110 тысяч свіных галоў. Вельмі дарагі інвестыцыйны праект рэалізуе кампанія «Данпрод». Мясцовыя жыхары выступілі супраць будаўніцтва свінакомлексу, бо асцерагаюцца экалагічных наступстваў функцыянавання такой буйной фермы.

Ёсць у Валожынскім раёне яшчэ адзін спрэчны пункт: СВК Пяршаі ўзяў у арэнду вадасховішча ў Люцынцы для развядзення рыбы. Сёлета вадасховішча цалкам высахла, а на неаднаразовыя звароты грамадзянам улады адказваюць, што аднаўляць буйнейшае вадасховішча не плануецца. Вадасховішча было самым буйным вадаёмам ў радыусе прыкладна 20--25 км і служыла месцам гнездавання многіх відаў птушак, кажаноў і г.д., у тым ліку ахоўваемых. Яно было  ўключана ва ўсе перспектыўныя планы развіцця Зялёных маршрутаў Валожынскага раёна і Налібоцкай пушчы, прызнаныя міжнароднымі экспертамі самымі ўдалымі ў Беларусі.

Запрашаем журналістаў праявіць інтарэс да акрэсленых праблем ды выправіцца разам у прэс-тур!

Просьба накіроўваць заяўкі на ўдзел у прэс-туры з вашым кантактным тэлефонам і скайпам на электронную скрыню baj@baj.by (з пазнакай ECO Press-tour) па 25 верасня (аўторак) уключна.