Фотаздымкі, за якія выдалілі журналіста з выбарчага ўчастка
На ўжо вядомым чытачам "Новага Часу" ўчастку № 350 Фрунзенскай выбарчай акругі міліцыя выставіла фотакарэспандэнта за дзверы, а заадно выдалілі і ўсе ягоныя фотаздымкі.
Такое распараджэнне зрабіў старшыня камісіі Анатоль Касцяневіч, які па сумяшчальніцтву з'яўляецца галоўным ідэолагам НВА "Цэнтр". Цікава, што папярэдне да працы журналіста прэтэнзій не было.
Раптам старшыня камісіі заявіў, што зробленых фотаздымкаў для рэпартажу дастаткова, і забараніў здымаць участак без ягонага асобнага дазволу. Канешне, такі аргумент быў для журналіста, які выконваў сваю працу, непераканаўчым. Пасля кансультацый па тэлефоне баец ідэалагічнага фронту пачаў выказваць клопат пра выбаршчыкаў: маўляў, яны не давалі дазволу, каб іх фатаграфавалі. Яго прэтэнзіі горача падтрымала назіральніца ад Саюза беларускіх жанчын. Словы пра тое, што гэта парушэнне правоў журналіста і яўная перашкода прафесійнай дзейнасці, на жаль, пачутыя не былі.
Варта адзначыць, што журналіст быў акрэдытаваны на ўчастку яшчэ ўчора для асвятлення працы выбарчага ўчастка №350. У пасведчанні пазначана "фота і відэа".
Нечакана з воклічам "Я вас папярэджваў!" ідэолаг дастаў паперчыну і паведаміў, што яшчэ ўчора адным з назіральнікаў на журналіста складзена заява аб тым, што ён перашкаджаў працы камісіі. Спадар Касцяневіч патрабаваў ад журналіста пакінуць памяшканне.
Відаць ідэолага юрыдычным аспектам дзейнасці камісіі не вучылі. Ён загадаў міліцыі выдаліць журналіста адзінаасобна (відавочна перавышэнне паўнамоцтваў). Пасяджэнне камісіі па гэтым пытанні не склікалася, галасаванне не праводзілася. Заява назіральніка не была прадастаўлена для азнаямлення. Хаця пра ўсё гэта тактоўна нагадаў журналіст.
Нарэшце, прапануем чытачам НЧ азнаёміцца з фотаздымкамі. Нічога ў іх крамольнага, як бачыце, няма.
Сябры камісіі
Назіральніца, якая горача падтрымала старшыню камісіі
Скрыня для галасавання
Выбаршчыца, якая выказала шкадаванне наконт зняцця дэмакратычнага кандыдата