“Сыйдзе калі-небудзь і з нашай рэчкі каламуць, і пацячэ чыстая вада...”


Алесь Бяляцкі даслаў у ГА “БАЖ” паштоўку ў адказ на віншаванне з Міжнародным днём салідарнасці журналістаў 8 верасня.

Напярэдадні прафесійнага свята БАЖаўцы адправілі ў калонію калектыўны ліст - кожны пісаў кавалачак віншавальнага тэксту ад сябе.  

“Вельмі рады быў атрымаць ад вас столькі цяпла і пазітыву, -- піша Алесь. -- Прачытаў там усё, што хацеў бы пажадаць самому сабе. Я таксама ўзгадваю вас і жадаю вам не расчароўвацца і не апускаць рукі. Сыйдзе калі-небудзь і з нашай рэчкі каламуць, і пацячэ чыстая вада... Стаў гэтай восенню страшна зайздрослівым, бо зайздрошчу ўсім грыбнікам светлай зайздрасцю... Гэта ж тэрба! Грыбны год, а я тут можна сказаць, сам як грыб, мадзею. Але ўсяго не ўхопіш... ”

  

Нагадаем, што 25 верасня Алесь Бяляцкі будзе адзначаць свой 50-ы дзень нараджэння.

Заклікаем усіх сябраў арганізацыі павіншаваць калегу з юбілеем!

Даслаць віншавальную паштоўку на адрас:
213807 Магілёўская вобл., г.Бабруйск, вул.Сікорскага,1
папраўчая калонія №2, атрад №14
Бяляцкаму Алесю Віктаравічу

Даслаць віншавальную тэлеграму.
Для гэтага можна скарыстацца тэлефоннай паслугай: у Мінску тэлеграмы прымаюцца на нумар 166 (пры адпраўленні тэлеграмы імя па бацьку адрасата ўказваецца абавязкова).

Даслаць віншавальны ліст з дапамогай інтэрнэт-сэрвіса convert.by:
Пішаце тэкст свайго ліста ў адпаведнай форме на сайце, а каманда валанцёраў адпраўляе гэты ліст за вас абсалютна бясплатна ў папяровым канверце.   

Дасылаць свае здымкі з візуалізаваным віншаваннем для Алеся
на е-mail viasna@spring96.org – гэтыя здымкі будуць змешчаны ў віншавальным буклеце, які таксама будзе дасланы Алесю.

Змяшчаць аватарку з выявай Алеся ў сваіх сацыяльных сетках, заклікаючы тым самым сваіх сяброў і знаёмых далучацца да віншавальнага тыдня.