У склад Назіральнай рады па СМІ прапануюць уключыць Жанну Літвіну, Андрэя Бастунца і Дзмітрыя Панкаўца


Такая прапанова прагучала 5 верасня на пасяджэнні ЦВК ад сябра з правам дарадчага голасу Ігара Лялькова, - перадаў БелаПАН.

Сваю ініцыятыву ён абгрунтаваў тым, што Назіральная рада разглядае матэрыялы як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ.  

Сп. Лялькоў прапанаваў уключыць у склад рады старшыню ГА “БАЖ” Жанну Літвіну, яе намесніка Андрэя Бастунца, а таксама намесніка галоўнага рэдактара "Нашай Нівы” Дзмітрыя Панкаўца.

Старшыня ЦВК адказала, што гэтае пытанне можна будзе разгледзець на наступным пасяджэнні – каб абмеркаваць “з сябрамі ўжо арганізаванай рады”.

У гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” 5 верасня cакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік зазначыў, што дата наступнага паседжання камісіі нявядомая – сходы склікаюцца па меры неабходнасці. Нічога не патрабуецца пакуль і ад прапанаваных “кандыдатаў у раду” – усё будзе залежаць ад вынікаў абмеркавання.

“Усё добра ў пару, як кажуць, - пракаментавала гэтую навіну Жанна Літвіна. – Калі б ЦВК была настроеная, каб яе дзейнасць выглядала як мага больш дэмакратычнай, то пытанне пра склад Назіральнай рады павінна было б абмяркоўвацца яшчэ да яго зацвярджэння. Наколькі маэтазгодна за 2 тыдні да галасавання пашыраць склад рады – цяжка сказаць. Але, калі такая прапанова прагучыць, мы будзем яе разглядаць...”  

Зараз у Назіральную раду ўваходзяць:

- першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч,

- сакратарка ГА “Беларускі саюз журналістаў” Таццяна Бялова,

- дырэктар Дырэкцыі вытворчасці радыёпраграм Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (НДТРК) Антон Васюкевіч,

- першы намеснік галоўнага рэдактара “СБ. Беларусь сегодня” Міхаіл Лябедзік,

- намеснік старшыні НДТРК Марат Маркаў,

- галоўны рэдактар газеты “Белорусская нива” Сяргей Міховіч,

- адказны сакратар ГА “Беларускі саюз журналістаў” Сяргей Сверкуноў.

Такі склад быў зацверджаны Пастановай ЦВК ад 5 ліпеня 2012 г. “з ліку спецыялістаў у галіне рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці і СМІ, рэкамендаваных рэспубліканскімі дзяржаўнымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, сродкамі масавай інфармацыі”.

ГА “БАЖ” пра стварэнне Назіральнай рады сёлета даведалася пасля зацвярджэння яе складу. Перад мінулымі парламенцкімі выбарамі, у 2008 годзе, наша арганізацыя пыталася ў Мікалая Лазавіка, ці можа БАЖ рэкамендаваць кагосьці ў раду. Сакратар ЦВК адказаў адмоўна – маўляў, “спіс ужо складзены, і засталося толькі зацвердзіць яго”. У выніку ў складзе Назіральнай рады таксама былі толькі прадстаўнікі дзяржаўных медыяў, Мінінфармацыі і БСЖ.