“Творчасць: канфармізм або незалежнасць?” (Фота)


Пад такой назвай у Лунінецкай філіі ГА "БАЖ" прайшоў круглы стол, зладжаны сумесна з сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сапраўды, ці можа творца, мастак быць незалежным ад не заўсёды спрыяльнай рэчаіснасці і ці варта падпарадкоўвацца ёй? Дзе мяжа паміж непазбежным улікам рэальных абставін і кан’юнктурным “прыстасаванствам”? Удзельнікі сустрэчы шукалі адказы на гэтыя пытанні.


Л. Валасюк

Напрыклад, паэт і мастак з Берасця Лявон Валасюк лічыць, што творчая праца непазбежна патрабуе пэўнай адасобленасці ад “жыццёвай мітусні”, але поўнасцю ігнараваць “навакольнае асяроддзе” немагчыма. Галоўнае, каб творца прытрымліваўся ў сваёй дзейнасці прынцыпаў сумлення, не схіляўся перад тым ці іншым негатыўным ціскам…


М. Сянкевіч

Аб маральнасці творчай выказаўся і берасцейскі пісьменнік ды педагог Мікола Сянкевіч: трэба пісаць так, каб потым не было сорамна перад чытачамі.


А. Галаскок

Літаратар з Ганцавіч Аляксей Галаскок і былы ваенны журналіст, пазней сталы аўтар многіх беларускіх выданняў, а цяперашні жыхар Германіі Міхаіл Нардштэйн прывялі шэраг прыкладаў са свайго вайсковага мінулага, калі тыя ці іншыя камандзіры спрабавалі прымусіць іх паступаць несправядліва, і тут вельмі шмат залежала ад асабістых якасцей, ад мужнасці і прынцыповасці.

М. Нардштэйн

Асабліва эмацыйным быў выступ М. Нардштэйна, які перакананы, што прыстасаванства непазбежна рана ці позна “забівае” творчую асобу…

Паэтка і фалькларыстка са Століншчыны Ірына Ляшкевіч адзначыла, што на творцу часта ціснуць не толькі тыя ці іныя палітычныя або эканамічныя абставіны, але і звычайная “проза жыцця”, побытавыя цяжкасці, хранічны недахоп часу. Тым не менш, сапраўдная творчасць усё ж прабівае сабе дарогу…

Удзельнікамі дыскусіі былі лунінецкія літаратары і журналісты, а таксама навучэнцы журналісцкай майстэрні “ПРОФІль”, што другі год працуе ў Лунінцы. Падсумавала вынікі круглага стала старшыня лунінецкай філіі БАЖ Святлана Гарда.