Да сістэмных зрухаў у медыйнай палітыцы ўлада па-ранейшаму не гатовая
Сённяшняя прэсавая канферэнцыя кіраўніка дзяржавы не адкрыла перад незалежнымі СМІ ружовых перспектываў. Зрэшты, з улікам айчынных рэаліяў ужо сам факт запрашэння прадстаўнікоў шэрагу недзяржаўных медыяў выглядае прагрэсам: такога не было даўно. Магчыма, гэты дыялог паспрыяе вырашэнню асобных пытанняў нялёгкага побыту незалежных СМІ. Хаця да сістэмных зрухаў у медыйнай палітыцы ўлада відавочна не гатовая.
Можна зразумець кіраўнікоў тых недзяржаўных медыяў, якім пашэнціла трапіць на прэсавую канферэнцыю. Як жа не скарыстацца выпадкам ды не паставіць рубам набалелыя праблемы існавання сваіх уласных СМІ? Выглядае на тое, што настойлівасць галоўнага рэдактара "Народнай волі" можа прынесці плён.
Ва ўсякім разе, Аляксандр Лукашэнка мусіў заявіць, што не забараняе гэтаму выданню карыстацца паслугамі айчынных друкарняў. Не выключана таксама, што станоўча вырашыцца пытанне рэгістрацыі інфармацыйнага рэсурсу, узнятае генеральным дырэктарам кампаніі БелаПАН.
Плюсам для журналістаў ёсць і тое, што кіраўнік дзяржавы выказаўся за большую адкрытасць дзяржаўных чыноўнікаў і структураў, да якіх прэсе, найперш незалежнай, сёння надта цяжка дастукацца.
Іншае пытанне, наколькі ў ведамствах паспяшаюцца выконваць дэкларацыйную ўстаноўку на болей шырокія кантакты з прэсай. Па вялікім рахунку, гэтыя дачыненні мусяць рэгулявацца не воляй першай асобы, а нарматыўнымі актамі. Не сказаць каб у Беларусі зусім не было адпаведнага заканадаўства. Але тыя нормы, што адлюстроўваюць, у прыватнасці, правы журналістаў і абавязкі чыноўнікаў у інфармацыйнай сферы, на практыцы часта аказваюцца мёртвымі дэкларацыямі.
Кладучы руку на сэрца, навявае сум ужо сама сітуацыя, калі тытулаваныя прадстаўнікі медыйнай супольнасці, замест таго каб сканцэнтравацца на канцэптуальных пытаннях развіцця краіны (дзеля якіх, па ідэі, і ладзяцца такія мерапрыемствы), мусяць біць у званы, ставячы пытанні выжывання самой недзяржаўнай прэсы.
Ненармальна выглядае і тое, што фармальна тэхнічныя праблемы (друк, радыёчастоты, распаўсюд перыёдыкаў) цалкам залежаць ад волі першай асобы дзяржавы. І афіцыйны кіраўнік не ўтойвае, што рашэнні ў гэтых нібыта тэхнічных пытаннях прымаюцца паводле палітычных крытэраў. То бок прывілеі атрымлівае лаяльная прэса, а вось тая, што дазваляе сабе крытыку кіроўных вярхоў, за гэта самае і расплачваецца.
Увогуле ж сённяшні дыялог пакідае ўражанне, што, з аднаго боку, улада хоча стварыць — хаця б для замежжа — выгляд нейкага мінімальнага медыйнага плюралізму, але, з іншага боку, не гатовая пераходзіць да цывілізаваных, дэмакратычных стандартаў у галіне СМІ. Незалежную прэсу будуць калі і не даціскаць, то жорстка абмяжоўваць.
Так што ў агляднай перспектыве ёй давядзецца існаваць у звыклых суровых умовах. І адваёўваць хаця б маленькія плацдармы.